Генеральны дырэктар РУП "Мінскэнерга" Алег Анатольевіч Шчамель прыняў удзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня ведаў у Мінскім энергетычным каледжы

1 верасня навучальныя ўстановы краіны адчынілі дзверы для тых, хто на працягу ўсяго года будзе тут даведвацца нешта новае і рабіць чарговы крок да сваёй будучыні.

Пяцідзесяты раз сустракае навучэнцаў першага верасня і Мінскі гарадскі энергетычны каледж, юбілей якога сёлета супаў з Днём ведаў.

З нагоды падвойнага свята ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных пачатку навучальнага года ў Мінскім гарадскім энергетычным каледжы прынялі ўдзел намеснік Міністра энергетыкі Рэспублікі Беларусь Пруднікава А.Ф., генеральны дырэктар ДВА "Белэнерга" Дрозд П.У., першы намеснік генеральнага дырэктара – галоўны інжынер ДВА "Белэнерга" Баброў В.У., генеральны дырэктар РУП "Мінскэнерга" Шчамель А.А., старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў энергетыкі, газавай і паліўнай прамысловасці Гаўрысеў В.У. і іншыя.

На ўрачыстай лінейцы госці мерапрыемства жадалі сваім калегам, будучым энергетыкам поспехаў і выдатных вынікаў у навучальным годзе.

Пасля ўрачыстай часткі навучэнцы каледжа запрасілі гасцей на першы ўрок гэтага навучальнага года на тэму: "Адзінства беларускага народа - аснова незалежнай краіны".

Выступаючы перад навучэнцамі каледжа Шчамель А.А. павіншаваў хлопчыкаў і дзяўчынак з пачаткам навучальнага года і падкрэсліў: “наколькі пашанцавала ўсім тым, хто абраў гэтую цікавую, творчую прафесію энергетыка”. Ён распавёў пра свае першыя крокі ў ёй і тым., як сёння развіваецца РУП "Мінскэнерга".

Генеральны дырэктар прадпрыемства пажадаў будучым энергетыкам паспрабаваць хутчэй знайсці сябе ў прафесіі. «Дзверы нашага прадпрыемства заўсёды адчыненыя для тых, каму цікава працаваць, хто любіць энергетыку. Але перш за ўсё, вы павінны быць выдатна падрыхтаваны, нам патрэбны прафесіяналы. Пісьменны, ініцыятыўны спецыяліст у нас заўсёды будзе заўважаны і запатрабаваны. Памятайце, у РУП "Мінскэнерга" моцны, зладжаны калектыў, мы паважаем сваю гісторыю, беражом імідж і прымнажаем традыцыі, і калі вы прымаеце гэтыя правілы - сардэчна запрашаем», – падкрэсліў А.А.Шчэмель.

У завяршэнне ўрока быў прадэманстраваны іміджавы фільм, які распавядае пра РУП «Мінскэнерга», пасля чаго кіраўнік прадпрыемства адказаў на пытанні навучэнцаў каледжа.

Далей госці і навучэнцы каледжа прынялі ўдзел у акцыі па закладцы капсулы часу, у якую прысутныя ўклалі паштоўкі з пажаданнямі для будучых пакаленняў энергетыкаў. Праз дзесяць гадоў капсулу, у тым ліку з пажаданнямі ад РУП "Мінскэнерга", выявяць тут жа, на тэрыторыі каледжа. І ўжо зусім іншае, новае пакаленне энергетыкаў даведаецца, наколькі сугучныя сённяшнія надзеі і планы прадстаўленням будучых прафесіяналаў.

Завяршылася мерапрыемства ўрачыстым сходам з уручэннем узнагарод і святочным канцэртам..